У Гародні адзначаць юбілей ААН



З нагоды 70-й гадавіны заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Гародні адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай нагодзе. У бліжэйшую суботу ладзяцца круглыя сталы, дыскусіі, трэнінгі і прэзентацыі праектаў прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Як зазначае сябра камітэту па ўзаемадзеянні з Глабальным фондам Ганна Ткачова, доўгі час ААН рэалізуе ў Беларусі праграмы развіцця, якія закранаюць шырокі спектр чалавечай дзейнасці:

— Мы маем магчымасць развівацца, як народ, як нацыя, захаваць у нашай краіне нейкія маленькія этнасы ў нашай краіне, наладзіць узаемадзеянне паміж рознымі структурамі: грамадзянскімі, недзяржаўнымі, рэлігійнымі. Гэтыя праграмы дазваляюць наладзіць дыялог паміж рознымі этнасамі і культурамі і рознымі міжнароднымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі сектарамі.

 

Сярод мерапрыемстваў, прысвечаных 70-й гадавіне заснавання ААН, адбудзецца прэзентацыя пілотнага праекту ў сферы дзяржаўна–прыватнага супрацоўніцтва па рэканструкцыі гарадзенскага анкалагічнага дыспансера. Урачыстасці пройдуць пад дэвізам «Садзейнічанне прасоўванню мэтаў устойлівага развіцця для ўсіх».

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня