У Гародні АГП вылучае чатырох кандыдатаў у дэпутаты



Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гародні вылучылі чатырох актывістаў, якія будуць балатавацца ў дэпутаты мясцовых саветаў. Яны ўжо зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы.

Для чаго актывісты ўдзельнічаюць ў гэтых выбарах, распавядае сябра Гарадзенскай арганізацыі АГП Ігар Банцар:

– Для таго, каб лепш пазнаёміцца са сваімі выбаршчыкамі і сваёй акругай, мы пойдзем таксама і шляхам збору подпісаў. Гэта дасць магчымасць размаўляць наўпрост з народам. Групы зарэгістраваныя, атрыманы пасведчанні членаў ініцыятыўнай групы. І ўжо людзі маюць права хадзіць па выбарчым участку, збіраць подпісы і даносіць нашыя думкі і ідэі.

У выбарах у мясцовыя саветы таксама будзе прымаць удзел і гарадзенскі актывіст, які актыўна ўдзельнічаў у вясновых пратэстах,  Мікола Салянік.

– Адказваю сам сабе на пытанне – а ці трэба ісці? Бо я ведаю, якое ў нас заканадаўства. Але я чалавек неабыякавы. Не магу глядзець на тое, што робіцца навокал. Што будзе, як я не пайду, ці хто іншы, каму не асабістыя выгоды патрэбныя, а жаданне хаця б штосьці зрабіць для нашай гісторыі, для нашага народа.

Мікола Салянік з’яўляецца сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі , а таксама адным з тых актывістаў, якому ўдалося дзякуючы сваёй грамадскай актыўнасці трапіць на прыём да старшыні Гарадзенскага аблвыканкама.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня