У Гародні акальцавалі лебедзяў–шыпуноў



Гарадзенскія арнітолагі акальцавалі лебедзяў–шупуноў, што зімавалі каля Новага мосту ў Гародні. Прадстаўнікі таварыства «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбралі для кальцавання адмысловы дзень: 2 лютага, калі 45 гадоў таму была падпісана Рамсарская Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак. У Гародні ў гэты дзень было акальцавана каля дзесятка лебедзяў-шыпуноў.

Пра тое, як адбываецца працэс кальцавання птушак распавядае Зміцер Вінчэўскі, рэдактар сайта «Птушкі штодня»:

— Раней гэта было не так проста рабіць, бо яны баяцца чалавека. Гэта, вядома, цяжэй для арнітолагаў, бо яны не бачаць кольцаў, або цяжка іх убачыць. А з іншага боку гэта добра для саміх птушак, бо птушкі менш прызвычайваюцца да чалавека і ў перыяд гнездавання ў іх будзе менш праблемаў. Ну і харчаванне адпаведна больш прыгоднае, чым чалавек можа ім прапанаваць.

Юрый Лукашэнка:

—  Мы сёння акальцоўваем птушак. Гэта таксама вельмі важна, бо сёння тут было кальцо і мы даведаемся адкуль гэтая птушка, дзе яе акальцавалі, якая ў яе міграцыя і што і як з ёй адбывалася. Чым больш мы ведаем пра птушак, тым лягчэй нам іх абараніць.

Цяпер міграцыю птушак, што былі акальцаваныя ў Гародні можна будзе адсачыць па ўсім свеце, куды б яны не паляцелі. На адмысловым кальцы, якое прычапілі да нагі птушкі, можна прачытаць нумар і краіну, дзе гэтая птушка была акальцавана.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя