У Гародні асудзілі Вадзіма Саранчукова і Міколу Лемяноўскага (абноўлена)
Прадстаўніка партыі БНФ, вядомага грамадскага актывіста, Міколу Лемяноўскага за ўдзел у гарадзенскім шэсці 6 верасня, суддзя Наталля Козел засудзіла да 15 базавых штрафу. Гэтая ж суддзя прысудзіла Лізавеце Мерляк паводле артыкулу 23.34, частка 1 штраф 10 базавых велічынь, што складае 270 рублёў (удзел у акцыі 30 жніўня). Усяго ў Ленінскім судзе Гародні ў гэты дзень прайшло 8 судовых паседжанняў па палітычных адміністрацыйных справах.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічыняў – 810 рублёў, гэты штраф прысудзіў яму суддзя Ленінскага суду Гародні Генадзь Мазайла за тое, што палітык нібыта прымаў актыўны ўдзел у акцыі 19 жніўня на гарадзенскай плошчы Леніна.
Кажа Вадзім Саранчукоў:
– Абсалютна няма розніцы ці гэта суткі, ці гэта штраф. Суд прызнаў, што я нібыта здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. Мая пазіцыя абсалютна ясная – кожны грамадзянін, згодна з Канстытуцыяй, мае права на свае меркаванні і мае права свабодна яго выказваць. Таму гэты прысуд я лічу незаконным і , безумоўна, буду яго абскарджваць.
Па словах прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Рамана Юргеля – такія прысуды – гэта ціск на грамадскіх актывістаў і робяцца яны пад капірку:
– Усе пратаколы зараз складаюцца па відэакадрах. Нават у судзе не прымаецца тое, што асабіста міліцыянт папярэджваў асобу аб тым, што парушаецца правядзенне масавага мерапрыемства. Зараз усё лёгка робіцца па відэакадрах. Сядаюць у кабінеце і глядзяць, хто там ёсць з актывістаў.
На судовае паседжанне падтрымаць палітыка прыйшло некалькі дзясяткаў грамадскіх актывістаў. Таксама сёння адбываюцца судовыя паседжанні над Лізаветай Мерляк і Міколай Лемяноўскім.
* * *
У Гародні праходзілі адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да актыўных грамадзян і грамадска-палітычных актывістаў. 23 верасня ў судзе Ленінскага раёну разглядаліся справы вядомых прадстаўнікоў БНФ Вадзіма Саранчукова і Міколы Лемяноўскага.
А 11-й гадзіне пачаўся разгляд справы Вадзіма Саранчукова. На яго міліцыянты склалі пратакол паводле артыкулу 23.34, частка 3 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Кіраўніка абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова абвінавацілі па артыкуле 23.34 частка 3 як актыўнага ўдзельніка акцыі 19 жніўня 2020 году. На суд над актывістам прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, аднак суддзя выдзеліў невялікую залю для судовага пасяджэння ў якую не змаглі патрапіць усе прысутныя.
Справу Саранчукова разглядаў суддзя Генадзь Мазайла.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча і Ладзіка Майніча