У Гародні будуць судзіць Мікалая Саляніка
На 17-га жніўня прызначаны разгляд судовай справы кіраўніка гарадзенскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Саляніка.
Актывіст з аднапартыйцам Аляксандрам Лаўрэнцьевым былі гвалтоўна затрыманы 3 ліпеня, нібыта за намер зладзіць пікет у турэмных робах з плакатам “Беларусь – страна для “жизни”.
У выніку інвалід другой групы Мікалай Салянік апынуўся ў шпіталі, а ягоная справа была двойчы адпраўлена на дапрацоўку:
– Былі чаканні, што яны яшчэ будуць мне прыпісваць справу. Я быццам бы супраціўляючыся пашкодзіў іх машыну, калі яны мяне туды запіхвалі. Круцілі рукі мне, рабілі балюча, ад болю я адпіхнуўся ад машыны. Хочуць яшчэ мне і пашкоджанне прыпісаць.
Справу Міколы Саляніка будзе разглядаць суд Кастрычніцкага раёна Гародні.
Справу Аляксандра Лаўрэнцьева разглядалі раней. Яго пакаралі 5 базавымі велічынямі за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і 15 базавымі велічынямі за размяшчэнне ў інтэрнэце здымка, на якім актывісты ў турэмных робах трымаюць у руках плакат з выявай калючага дроту і лозунгам “Беларусь – страна для “ жизни”.
14 жніўня Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Аляксандра Лаўрэнцьева.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя