У Гародні будуць судзіць Таццяну Кашко



У Гародні будуць судзіць Таццяну Кашко. Судовы працэс прызначаны на 22 чэрвеня.

Следства па гэтай справе ішло вельмі доўга і расцягнулася амаль на паўгады.

Суддзёй на працэс прызначана Алена Пятрова з суду Ленінскага раёну Гародні.

Справа супраць маладой жанчыны ідзе паводле артыкулу 369 КК Рэспублікі Беларусь – знявага прадстаўніка ўлады. Таццяну Кашко вінавацяць у тым, што ў адным з тэлеграм-каналаў яна сваім допісам абразіла аднаго з міліцыянтаў.

Таццяна Кашко перад Новым годам, 30 снежня, пайшла ў аддзел вырабу пашпартоў Ленінскага РАУС забраць свой новы пашпарт. Але пашпарт падманным чынам ёй не аддалі, а супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыю, якая знаходзіцца фактычна ў тым жа будынку па вуліцы Дубко. Міліцыянты правялі ператрус па месцы жыхарства Таццяны Кашко, забралі кампутар і мабільны тэлефон. Затрыманне аформілі 31 снежня. У выніку Таццяну затрымалі, яе пратрымалі 72 гадзіны, так што Новы год жанчына сустрэла ў ізалятары. Пасля трох сутак зняволення, 3 студзеня, Кашко адпусцілі. Пасля гэтага доўгі час ішло следства, некалькі разоў яно падаўжалася.

„Гарадзенская вясна”