У Гародні судзілі затрыманых актывістаў АГП
У Міколы Саляніка ў гардэробе бальніцы №3, дзе ён цяпер пасля жорсткага затрымання невядомымі, скралі адзенне.
* * *
Маці Аляксандра Лаўрэнцьева атрымала смс-ку з невядомага нумара з такім зместам: „Гэта Аляксандр. Атрымаў за непадпарадкаванне 5 базавых адзінак, за пікет 15 базавых адзінак. Скора буду дома.”
* * *
У Гародні чакаецца суд над брутальна затрыманымі 3 ліпеня актывістамі АГП – Мікалаем Салянікам і Аляксандрам Лаўрэнцьевым.
З падрабязнасцямі – наш гарадзенскі калега Якуб Сушчынскі:
– Сталі вядомы акалічнасці, паводле якіх абвінавачваюць двух сяброў АГП. Гэта «арганізацыя і правядзенне масавага мерапрыемства». Матэрыялы справы яшчэ не занесены ў Кастрычніцкі суд Гародні. Вядома толькі, што пасля 2 гадзін гэтыя матэрыялы справы там акажуцца. Калі адбудзецца суд над грамадскімі актывістамі – пакуль невядома. Цяпер сярод сведкаў (а іх каля 5 чалавек) ёсць жадаючыя далучыцца і даць паказанні па матэрыялах справы, каб ужо падчас судовага пасяджэння стала вядома, парушалі ці не парушалі закон прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія без прад’яўлення абвінавачання і без уніформы жорстка затрымалі і адправілі ў пастарунак двух грамадскіх актывістаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня