У Гародні чарговы суд за нацыянальныя сімвалы
У Гарадзенскім абласным судзе 21-га чэрвеня разглядалася скарга жыхара Наваградку Алега Кокаша, якога раней аштрафаваў Наваградскі раённы суд. Суд у Наваградку адбыўся пасля трох сутак утрымання спадара Алега за кратамі ў Карэліцкім ІЧУ.
Пра тое, з чым гэта звязана, распавядае сам Алег Кокаш:
– Я заўсёды фатаграфую ў Наваградку ўсе мерапрыемствы амаль з 1972 года, ужо 50 гадоў. 9–га траўня на свята Перамогі таксама выйшаў пафатаграфаваць. На рамні фотаапарату ў мяне ўжо 30 гадоў вісіць герб „Пагоня” – значак. На тэлефоне ў мяне налеплена вялікая налепка герба „Пагоня”. Прайшло амаль 15 хвілін, маёр Урбан мяне затрымлівае.
Паводле пастанове суду, у якасці закладу ў яго забралі каштоўны фотаапарат Nikon, а чахлы з „Пагонямі” пастанавілі знішчыць. Праваабаронца Раман Юргель лічыць рашэнне абсурдным:
– Канешне гэта выглядае абсурдам – знішчаць. Як кажа спадар Алег, можна было проста сарваць, але не знішчаць чахол ад фотаапарату Nikon і ад смартфону. На сёння гэта не першая абсурднае рашэнне раённых судоў, якія падтрымліваюць, як правіла, абласныя суды па ўсёй краіне.
Алег Кокаш збіраецца абскарджваць рашэнне аб сваім пакаранні ў судах вышэйшай інстанцыі, а калі не атрымаецца – будзе прасіць дапамогі ў грамадзян Беларусі, бо з пенсіі ў 360 рублёў цяжка аплаціць штраф у 100 базавых – 2900 рублёў.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча