У Гародні дэпутат сустрэўся з жыхарамі акругі
Гэта была першая сустрэча такога фармату. Дэпутат гарадскога савета па Румлёўскай акрузе №16 Аляксандр Чэкель, пры супрацы з ініцыятыўнай групай жыхароў акругі, сустрэўся, каб абмеркаваць хвалюючыя пытанні, перадусім грамадска-палітычныя. Дэпутат быў гатовы абмяркоўваць праблемы ўпарадкавання гораду, экалогію ды звароты грамадзянаў.
Пасля сходу ўражаннямі падзялілася ўдзельніца Тацяна:
– Мне цікавая таксама тэма экалогіі, спадабалася яго пазіцыя па гэтаму плану, то бок чалавек насамрэч штосьці робіць. Па пытанню ўчастка для галасавання, я думаю, што ён не да канца сказаў праўду. Перамагла Ціханоўская, але на папярэднім галасаванні былі ўкінутыя бюлетэні і не мала. З чалавекам можна размаўляць, ён ідзе на кантакт, намагаецца вельмі інтэлігентна, тактычна весці размову і можа насамрэч штосьці зрабіць для гораду.
Не ўсе ўдзельнікі сустрэчы разумелі, што грамадска-палітычныя і праўныя пытанні не ўваходзяць у сферу кампетэнцыі дэпутата мясцовага савету. Але галоўнае пытанне датычнае бяспраўя на вуліцах Гародні, калі ходзяць людзі, якія больш падобныя да бандытаў, а не на прадстаўнікоў міліцыі, было агучана. Кажа ўдзельніца сустрэчы Вікторыя:
Дастаткова камфортна ў станоўчым ключы. Зразумела, што ўсе нашыя пытанні не былі вырашаныя ў тую ж хвіліну, бо мы цудоўна разумеем, якія абставіны з’яўляюцца рычагамі ціску на адсутнасць рашэнняў. Застаецца толькі спадзявацца, што гэты адэкватны чалавек, з якім было пра што паразмаўляць і прыемна было весці размову, насамрэч мае нейкую вагу.
Значная колькасць удзельнікаў сходу была гатовая да канструктыўнага дыялогу. Найбольш ініцыятыўныя праявілі цікавасць да ўдзелу ў органах тэрытарыяльнага самакіравання, пра якія людзі даведаліся ад дэпутата. Аляксандр Чэкель паабяцаў удакладніць, якім чынам стварыць гэты орган на сваёй акрузе. Калі ўжо з’явіліся актыўныя грамадзяне, то ім і трэба ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблемаў. Таксама ён паабяцаў забяспечыць магчымасць правядзення легальнага мітынгу жыхароў Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня