У Гародні дыскутавалі пра права на нацыянальную гісторыю
У «Цэнтры гарадскога жыцця» у Гародні прайшла дыскусія на тэму «Права на нацыянальную гісторыю: паміж усходам і захадам». Правакацыйную тэму падтрымалі адны, і не пагадзіліся іншыя. Кажа адзін з удзельнікаў, пенсіянер з Луны Лявон Карповіч:
— Я лічу, што такое пытанне наогул проста неправамоцна ставіць: усе маюць пра на нацыянальную гісторыю. Хіба нехта не мае пра на нацыянальную гісторыю? Я ніколі такога не чуў і ніколі не ставіў такога пытання. Ну можа паставіў бы пра постаць Каліноўскага: Роля вызвольнага студзеньскага паўстання ў гісторыі Беларусі: плюсы і мінусы. Нешта такое. Бо, напрыклад, Латышонак выступае і гаворыць, што гэта шкоднае паўстанне. І ёсць такі погляд і іншы погляд.
Рэжысэр Валерый Мазынскі перад дыскусіяй прапанаваў да прагляду ўдзельнікам свой фільм „Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні”. Ён вельмі спадзяваўся, што праз значную колькасць удзельнікаў знойдуцца таксама тыя, што аспрэчаць станоўчы вобраз Каліноўскага, але гэтага не адбылося.
Кажа Валерый Мазынскі:
— Тут сабраўшыся мы можам гаварыць. І таму, калі я паказваю гэты фільм у сваёй аўдыторыі, дык мне заўсёды хочацца, каб тут было пару чалавек, якія маюць абсалютна супрацьлеглыя погляды. Каб яны сказалі, а мне вось незразумела, што гэта такое, і каб паспрачацца і можа нават пасварыцца. Найважнейшае тут для мяне пытанне, якое і сёння актуальнае: колькі нас будзе, каб абараняць саміх сябе.
У дыскусіі шмат пытанняў не мела адназначнага адказу. Напрыклад: чаму беларусы не паспелі за дваццаць гадоў незалежнасці дасягнуць у стварэнні ўласнай навукі гісторыі таго, што зрабілі некаторыя суседнія краіны? А дацэнт Генадзь Семянчук паказаў удзельнікам шматлікія персанажы, якія бясспрэчна належаць нацыянальнай гісторыі, ад самой старажытнасці, і пра якіх абавязкова варта пісаць навуковыя працы менавіта навукоўцам-беларусам.
Пад час дыскусійнага клубу ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ўдзельнікі мелі магчымасць атрымаць у падарунак дыск відэаспектакля тэлеканала „Белсат” „Народны альбом”.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя