У Гародні гаварылі пра турму
У Гародні тэма турэмнага зняволення і варункаў утрымання ў вязніцах ізноў была ўзнята на сустрэчы ў Цэнтры гарадскога жыцця. Праваабаронцы, святары, журналісты, экс-вязні расказалі, чаго чакаць і як ставіцца да існуючых нормаў пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі. Цэлую падборку журналісцкага матэрыялу, які назапашваўся сем гадоў, прэзентавала ў асобным выданні журналістка Алена Струвэ.
– З 2011 па 2017 гады – перадача «Свабода ў турмах». Мне дапамагалі нашы карэспандэнты на месцах, бо вязні паўсюль. Я рабіла гэтую перадачу. Пасля зразумела, што матэрыялу накапілася вельмі шмат. Пракансультавалася з калегамі – яны параілі напісаць кнігу. Так нарадзілася кніга. Размова ідзе не пра аднаго чалавека, тут споведзі зняволеных з розных беларускіх турмаў.
Сітуацыя ў цяперашняй Беларусі патрабуе змены ў правілах пражывання зняволеных. А што найважней – стварэння папраўчай сістэмы замест месцаў пакарання і фармавання чалавека асаблівага, крымінальнага тыпу. На жаль, меркаванні грамадства ўстановы МУС не любяць выслухоўваць і пачуць. У гэтым пераканаўся праваабаронца з „Беларускага Хельсінкскага камітэта” Раман Юргель.
– Нейкі жывы кантакт быў. Але пасля таго, як АБСЕ краіну змусілі пакінуць у снежні 2010 года, з дэпартаментам па выкананні ў нас такіх кантактаў няма. Уключаны ў рэспубліканскі назіральны савет. Працуюць фармальна. Гэта не так, як ва Украіне ці Расеі, калі правы гэтых назіральных саветаў такія, што могуць у турму без ведама паехаць і днём, і ноччу і паглядзець, як там утрымліваюцца зняволеныя.
На сустрэчы была таксама журналістка з Фінляндыі Керстын Кронваль, якая падзялілася станам пенітэнцыярнай сістэмы ў Фінляндыі. Удзельнікі дыскусіі напрыканцы мелі магчымасць атрымаць кнігу Алены Струвэ „Турма, мужчына і жанчына”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара