У Гародні гісторыкі абмеркавалі падзеі верасня 1939-га года
Падзеі верасня 1939-га году абмеркавалі ў Гародні польскія і беларускія гісторыкі. Разам з вучнямі сярэдне-адукацыйных навучальных установаў горада навукоўцы ўзгадалі бадай што самы драматычны момант падчас савецкай агрэсіі на Рэчпаспалітую – трохдзённую абарону Гародні і яе наступствы для мясцовага насельніцтва.
Сустрэча была арганізаваная ў шчыльнай супрацы генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні і фундацыі імя Яахіма Лялевеля. Яе кіраўнік Пётр Касьцінскі зазначыў, што гістарычная праўда жыве, нягледзячы на тое, што народ некалі адзінай краіны сёння падзяляюць межы:
– Гісторыкі-беларусы, якія прыйшлі на гэтую сустрэчу, маюць погляды вельмі блізкія да поглядаў польскіх навукоўцаў, але з іншага боку бачаць падзеі 1939 года.
Аляксандр Пашкевіч, шэф-рэдактар часопіса Arche: Здавалася, што гэта з’ява цалкам пазітыўная, з пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў, інтарэсаў нацыянальнага руху, але тут ёсць такі аспект, што на гэтых землях не была створана беларуская незалежная дзяржава, нашы продкі, нашы дзяды-прадзеды апынуліся ў гэтых абцугах савецкага рэжыму.
Антон Пацэнка, дырэктар ліцея пры «Polska Macierz szkolna»: Тая частка нашага грамадства, беларускага, сучаснага, якая залічвае сябе да польскай меншасці, і да якой я таксама сябе залічваю, з’яўляецца інтэгральнай часткай беларускай незалежнасці. Я з гэтым цалкам згаджаюся. Мы, грамадзяне Беларусі польскага паходжання, – за беларускую непадлегласць.
У межах сустрэчы прайшоў паказ дакументальнага фільма “Кроў на бруку”. Стужка прысвечана падзеям верасня 1939-га году, а дакладней гісторыі абароны Гародні. Феномен гэтай з’явы стаў адной з асноўных тэмаў дыскусіі, а Пётр Касьцінскі зазначыў, што не губляе надзеі на тое, каб зняць мастацкі фільм аб абароне горада над Нёманам ад савецкіх войскаў у верасні 39-га.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя