У Гародні і Ваўкавыску ў польскіх школах не хапае настаўнікаў



Пачатак новага навучальнага года ў польскіх школах Гародні і Ваўкавыска адзначыўся адсутнасцю настаўнікаў з Польшчы і недахопам перакладзеных на польскую мову падручнікаў.

Намаганнямі беларускіх уладаў усе настаўнікі з Польшчы, якія працавалі ў двух дзяржаўных  польскіх школах, выдаленыя з тэрыторыі краіны як асобы непажаданыя. Што да падручнікаў, то Міністэрства адукацыі Беларусі блакуе працэс іх перакладу.

Нягледзячы на цяжкасці, бацькі ахвотна аддаюць дзяцей ў польскую школу, сцвярджае  гарадзенец Веслаў Кеўляк:

Двое дзяцей – дачка і сын – скончылі польскую школу. 1 верасня выправіў да школы свайго малодшага сына, які пайшоў у 5 клас. Мы, бацькі, вельмі цешымся, што нашы дзеці вучацца і скончылі гэтую школу. Дзякуючы ёй яны ведаюць польскую мову і традыцыі, польскую літаратуру і гісторыю.

Польская школа ў Гародні дзейнічае з 1996 года. Яна была пабудаваная за сродкі Польшчы як дар польскай меншасці ў Беларусі. Новы навучальны год паказаў, што колькасць першакласнікаў, у параўнанні з мінулым годам, зменшылася з 60 да 40.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота sch36.grodno.unibel.by