У Гародні і Высокім абноўленыя рэкорды цяпла 30-гадовай даўніны



Пасля аднадзённага перапынку ў Беларусі зноў зафіксаваныя рэкорды цяпла. З апошніх шасці дзён пяць былі з новымі максімумамі за ўвесь перыяд метэаназіранняў, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

21 снежня рэкорды дня перапісаныя ў Гародні і Высокім (Берасцейская вобласць). У Гародні паветра прагрэлася да 8,1 градуса вышэй за нуль (было 7,6 у 1989 годзе), у Высокім — да 10,1 (8,8 у тым жа годзе).

Цяплей за ўсё было ў Берасці — 10,2 градуса, аднак тут рэкорд, які адначасова з’яўляецца рэкордам для ўсёй краіны, выстаяў (12 градусаў 21 снежня 1958 года).

19 снежня абнавілася два экстрэмумы цяпла на поўначы краіны, у Віцебскай вобласці. У Езярышчы было 5 градусаў вышэй за нуль (4,3 у 1989 годзе), у Лепелі — 5,4 (4,4 у 1971-м).

18 снежня рэкорды цяпла былі ўсталяваныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, за выключэннем Васілевічаў (Гомельская вобласць). Цяплей за ўсё было ў Драгічыне — 12,8 градуса вышэй за нуль. Ранейшы рэкорд дня складаў 11,5 градуса (зафіксаваны ў 1989 годзе ў Берасці). Да паўтарэння абсалютнага рэкорду месяца за ўвесь перыяд метэаназіранняў не хапіла 1,7 градуса (14,5 градуса 5 снежня 1961 года ў Берасці).

17 снежня былі перапісаныя максімумы на ўсіх метэастанцыях у Гомельскай вобласці, на большасці — у Берасцейскай, на двух — у Менскай, на трох — у Магілёўскай. Цяплей за ўсё было ў Брагіне — 10,8 градуса вышэй за нуль.

16 снежня не выстаялі рэкорды на ўсіх метэастанцыях у Гомельскай вобласці і на адной — у Берасцейскай (максімум — 8,7 — у Брагіне і Жыткавічах).

У цяперашнім снежні рэкорды цяпла абнаўляліся таксама 9-га, 11-га і 12-га чысла.

У лістападзе экстрэмумы цяпла абнаўляліся сем дзён (4-га, 5-га, 9-га, 10-га, 13-га, 14-га, 29-га), у кастрычніку — 13 (з 13-га па 16-е і з 19-га па 27-е).

22 і 23 снежня, у самыя кароткія дні ў годзе, вельмі цёплае для гэтага часу надвор’е захаваецца. Месцамі чакаецца да +10 градусаў.

belapan.by