У Гародні каля ІЧУ на вуліцы Гая адбыўся хапун сваякоў затрыманых
У Гародні каля ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Гая адбыўся хапун сваякоў затрыманых. Тут прайшлі суды над затрыманымі. Некаторых затрыманых пачалі выпускаць, людзі, што стаялі каля ІЧУ, пачалі іх вітаць апладысментамі. Тады міліцыянты пачалі іх затрымліваць. Сярод затрыманых журналіст Ян Роман.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Людзі з самай раніцы чакалі сваіх блізкіх. Шукалі іх найперш, стараліся перадаць перадачы. А 15-й гадзіне там пачаліся суды. І некаторым выпісвалі штрафы. Яны выходзілі. А прысутныя сустракалі іх апладысментамі. Тут жа раптоўна падагналі аўтазак і пачалі хапаць, у тым ліку і журналіста Яна Романа. Зараз у Гародні павінен быць нейкі маўклівы пратэст. Але цэнтр горада цалкам перакрыты, пад пытаннем увогуле гэтая акцыя. Вельмі шмат міліцыі. Перакрыты ўсе вуліцы. Стаяць аўтазакі. Сам цэнтр горада нібы на абложным становішчы. Нібыта захоплены нейкімі акупантамі. На плошчы Леніна і на вуліцы Савецкай зачынены ўсе ўстановы гандлю, кавярні. Цэнтр горада перакрыты і заблакаваны.
Па выніках судоў людзям прысуджаюць штрафы (у асноўным ад 270 да 540 рублёў), тыя, хто выходзяць з суду, распавядаюць, што некаторых удзельнікаў пратэсту 9 жніўня арыштавалі (ад 7 да 15 сутак).
Беларускае Радыё Рацыя