У Гародні людзі па турмах і ізалятарах шукаюць сваякоў і сяброў



„Я шукаю сына, якога забралі ў дзень выбараў”, „шукаю сябра”, „шукаю рэчы майго мужа, які цяпер у рэанімацыі”!! Такія воклічы роспачы чутны на ганку гарадзенскіх вязніцаў і ізалятараў. Каля дзясятка чалавек з раніцы чакаюць весткі пра сваякоў, якіх затрымалі цягам апошніх трох дзён. Па тузіну людзей дзяжураць і каля ізалятараў часовага ўтрымання, двух раёнаў абласнога цэнтра – Ленінскага і Кастрычніцкага. Гэтае дзяжурства таксама часта не прыносіць выніку.

Кажуць людзі, што чакаюць  ля турмы №1:

– Я хвалююся за нашых маладых людзей, якіх калечаць, якім пагражаюць выключэннем з ВНУ. Учора затрымалі жанчыну, яна пенсіянерка, яна ў савеце ветэранаў прадпрыемства “Хімвалакно”.  Яна сказала, што збірала галасы за Лукашэнку. Яе ўчора выпусцілі і прысудзілі 23 базавыя велічыні штрафу. За тое, што яна не пускала дзіцё ў аўтазак. Яе пагрузілі з гэтым дзіцём у аўтазак. І не паглядзелі, што яна пенсіянерка, і не паглядзелі на яе заслугі. Яе арыштавалі і прысудзілі штраф.

– Шукаю сябра ўжо трэція суткі. Невядома дзе ён знаходзіцца. Учора з раніцы сказалі, што вязуць, прысудзілі 5 сутак, сказалі, што вязуць кудысьці на ІЧУ. Да шасці вечара не было ніякіх звестак. Шукалі і на ІЧУ. Там сказалі, што няма. Будуць развозіць па вобласці, па турмам, – Слонім, Масты, Ваўкавыск. Таму што ў Гародні няма месцаў. Максім Дулаў яго завуць.

– Дзе наш сын? Трэція суткі бегаем па інстанцыях. Не можам нідзе яго адшукаць. Маслакоў Аляксей.

Зранку, 12-га жніўня, у Гародні – сляды вячэрніх перамяшчэнняў міліцыі і вайскоўцаў яшчэ відаць на ходніках. На вуліцы Перамогі – бронетранспарцёр, паводле словаў мясцовых жыхароў, вывараціў дарожны знак. А на месцы заварушкі – ляжала банкаўская картка, згубленая  імаверна мірнай ахвярай тэрору.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя