У Гародні маліліся за Максіма Багдановіча
Паніхідай за супакой Максіма і Марыі Багдановічаў адзначана 125-годдзе нараджэння славутага паэта ў Гародні. Яна праведзена была ля магілы маці Максіма – Марыі, якая пахаваная на старых праваслаўных могілках на вуліцы Антонава. Паніхіду правёў айцец Павел Каспяровіч.
– Мы святкуем 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Мы, на жаль, не можам паехаць у Ялту і памаліцца на яго магіле. Але для нас важныя ўсе мясціны ў Гародні, звязаныя з яго імем. Гэта і музей, гэта, канешне, і магіла маці паэта Марыі Апанасаўны. Таму мы вырашылі тут памаліцца. Для нас важна і тое, што магіла побач з царквой. Гэта сведчыць пра тое, што сям’я паэта – гэта людзі, якія верылі ў Бога.
11-га снежня а 18:00 гадзіне пройдзе літаратурна-музычная імпрэза з нагоды дня нарaджэння Максіма Багдановіча, якая ладзіцца Гарадзенскай праваслаўнай епархіяй. Пройдзе яна ў канферэнц-залі Свята-Пакроўскага сабора па вуліцы Акадэмічнай. Сярод удзельнікаў будуць Данута Бічэль, Міхась Скобла, Анатоль Брусевіч, Таццяна Матафонава-Грыневіч.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара