У Гародні маліліся за выбаўленне ад каронавіруса



Па закліку Папы Рымскага Францішка памаліцца 25-га сакавіка за выбаўленне ад эпідэміі каронавіруса маліліся не толькі каталікі Гародні, але і праваслаўныя вернікі. У Каложскай царкве гарадзенскія праваабаронцы маліліся Адзінаму Богу за выбаўленнне ад эпідэміі, а таксама ў малітве згадалі Дзень аднаўлення нацыянальнай незалежнасці, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

Кажа Раман Юргель , прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту.

– Мы, праваслаўныя вернікі, вырашылі ў 12 гадзін правесці супольную малітву, якая праводзіцца ва ўсім свеце, па благаславенні Папы Рымскага. І ў Каложскай царкве, якой 850 гадоў, запалілі знічы, памаліліся за здароўе ўсіх грамадзян, а таксама адзначылі і Дзень Волі, Дзень Незалежнасці.

Праваабронцы маліліся сумесна з прадстаўнікамі розных канфесій  апоўдні. Яшчэ адна малітва, да якой заклікаў Папа Францішак, пройдзе а 18-00. Удзельнікі анлайн-малітвы выкажуць сваю еднасць з валанцёрамі, медыкамі й паліцэйскімі, якія падтрымліваюць парадак падчас пандэміі. Святы айцец Францішак абяцаў, што ўдзельнікі малітвы атрымаюць індульгенцыю.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня