У Гародні міліцыя пераследуе студэнтак
У Гародні карныя сілавыя структуры працягваюць пераследаваць студэнтаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Пасля адлічэння па палітычных матывах з Гарадзенскага Дзяржаўнага Універсітэту імя Янкі Купалы студэнткі Маргарыты Шышы, у яе падтрымку выйшлі іншыя студэнты. З плакатам “ГРДУ адлічвае з пад скальпеля” на прыступкі галоўнага корпусу ўніверсітэту 29 кастрычніка выйшла іншая студэнтка – Варвара Грынюк. Яе падтрымала яшчэ адна студэнтка – Ганна Конанава.
Вельмі хутка да навучэнак універсітэту пад’ехаў міліцэйскі бусік з сілавікамі і студэнтак забрала міліцыя. Варвару Грынюк вельмі хутка сёння ж засудзілі – яе аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Пасля гэтага „праваахоўнікі” склалі на Грынюк яшчэ адзін пратакол па такім жа самым артыкуле – 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) за нейкі іншы дзень. Яшчэ адзін працэс над ёй адбудзецца заўтра, 30 кастрычніка, у судзе Кастрычніцкага раёну а 15-й гадзіне. А пакуль абедзвюх студэнтак адпусцілі.
Бус з міліцыянтамі сёння вельмі доўга дзяжурыў каля будынку ўніверсітэту. А рэктар Гарадзенскага ўніверсітэту Ірына Кітурка, замест таго каб бараніць сваіх студэнтак, маўчыць.
Беларускае Радыё Рацыя