У Гародні міліцыя працягвае пераслед удзельнікаў мірных сходаў



У Гародні міліцыя пачынае вышукваць удзельнікаў мірнага сходу грамадзян, які адбыўся 15 сакавіка ў горадзе над Нёманам. Прадстаўнік Ленінскага РАУС старэйшы лейтэнант Аляксей Вайцешка выклікае грамадскага актывіста Антона Вайцехава, каб узяць у яго пісьмовыя тлумачэнні. Відавочна, што міліцыя зноў складае пратаколы на грамадскіх актывістаў за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мерапрыемстве. Той жа Вайцешка тэлефанаваў пенсіянеру Мікалаю Саляніку, які выступаў на народным сходзе ў Гародні на Плошчы Леніна 15 сакавіка і спрабаваў яго выклікаць у РАУС. Мікалай Салянік зараз хворы ляжыць у шпіталі, ён заявіў, што нікуды з шпіталю не пойдзе. Тады Аляксей Вайцешка стаў казаць пенсіянеру, што ён загадае галоўнаму лекару даставіць хворага ў міліцыю. Мікалай Салянік адмовіўся далей працягваць гутарку з прадстаўніком міліцыі.

Напомнім, што 14 сакавіка ў Гародні адбылося 12 карных працэсаў па адміністрацыйных справах грамадскіх актывістаў за ўдзел у маршы недармаедаў, які прайшоў у Гародні 19 лютага. Трое з падсудных – Вадзім Саранчукоў, Ежы Грыгенча і Сяргей Верамеенка былі засуджаны да адміністрацыйнага арышту ад 13 да 15 сутак, іншыя – аштрафаваныя. Антон Вайцехаў у той дзень быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь, Мікалай Салянік – на 8 базавых.

Беларускае Радыё Рацыя