Чарговы смяротны прысуд можа быць абвешчаны ў Гародні
Звінавачаны ў справе трайнога забойства Іван Кулеш не скарыстаўся правам апошняга слова ў час судовага пасяджэння Гарадзенскага абласнога суда. Суддзя Анатоль Заяц перанёс абвяшчэнне прысуду на заўтра. У зале суда прысутнічаў праваабаронца з цэнтра „Вясна” Віктар Сазонаў:
– У гэтай справе мы ад самага пачатку бачым некалькі фактаў, якія нас вельмі насцярожваюць. Па-першае, гэта суддзя Анатоль Заяц, якому ўжо давалі падобныя справы. Па-другое, насцярожвае і тое, што нават адвакат не хоча даваць інтэрв’ю журналістам. Тут такі страшны прысуд можа быць, што адвакат павінен шукаць кожную магчымасць, каб нейкім чынам ратаваць чалавека, якога ён абараняе.
Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Дзямідаў патрабуе выключнай меры пакарання – расстрэлу. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня