У Гародні можа з’явіцца яшчэ адзін аўтамабільны мост праз Нёман
Гарадзенскія ўлады маюць намер інвеставаць 30 мільёнаў даляраў у рэканструкцыю чыгуначнага маста праз Нёман і пераўтварэнне яго ў аўтамабільны. Адначасова плануецца падоўжыць вуліцу Паўднёвую да аўтатрасы М6 і далей у бок Літвы. Як зазначае намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко, захады накіраваныя на паляпшэнне ўмоваў аўтамабільнага руху ў абласным цэнтры і яго ваколіцах:
– Усе транспартныя патокі будуць накіраваны ў абыход цэнтра. Вось такая задача. У любым выпадку трэба праводзіць рэканструкцыю.
Ужо некалькі месяцаў інстытут “Гроднаграмадзянпраект”, дырэктарам якога ў свой час быў Уладзімір Дзяшко, займаецца прапрацоўкай магчымасцяў ажыццяўлення праектавання дарожнага будаўніцтва. Установа з’яўляецца манапалістам у дадзенай сферы і выконвае ўсе дзяржаўныя замовы на стварэнне праектаў, большая частка якіх не рэалізоўваецца ў сувязі з адсутнасцю сродкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота grodno24.com