У Гародні на акцыю супраць Дэкрэта № 3 выйшлі каля 100 чалавек (абноўлена)
Акцыя супраць дэкрэту кіраўніка Беларусі аб дармаедах прайшла ў Гародні. Не шматлюдная, але ў значнай ступені стыхійная. На Савецкім пляцы сабралася каля 100 чалавек, сярод якіх было каля 10 журналістаў і дзяржаўныя асобы ў цывільным, якія ўсё здымалі на відэа. Характэрна, што да акцыі далучыліся простыя гарадзенцы, якія не задзейнічаны ні ў якіх палітычных партыях і рухах. Сябры амаль усіх дэмакратычных арганізацыяў прысутнічалі таксама. Чаму такая малаколькасная акцыя ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі, разважае Сяргей Верамеенка, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:
— На мой погляд людзі ўсё ж такі баяцца, бо гарадзенская практыка рэпрэсіяў і затрыманняў паказвае, што яна больш жорсткая чым у Менску. Гэта першае. А другое, міліцыя нас не чапае проста таму, што ім не далі на тое каманды. Мы сюды прыйшлі, бо я асабіста лічу, што Дэкрэт № 3 гэта ўжо край. Глава дзяржаўнай банды перайшоў усе межы, людзей практычна загналі ў рабства.
Пад час акцыі людзі падпісвалі звароты за адмену дэкрэта, якія пасля будуць адасланыя ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, Палату прадстаўнікоў. А вось магчымасць перадаць копію больш, як тысячы подпісаў дзяжурнаму міліцыянту-вахцёру ў будынку аблвыканкама аказалася непаспяховай. Дзверы «абураным беларусам» не адчынілі. Як ацэніваюць гэтую акцыю, і падобныя ёй па Беларусі, самі ўдзельнікі:
— Я па Менску зразумеў, што ўсё зменіцца.
— Не, не зменіцца пакуль гэтая жменя людзей не стане натоўпам і пакуль увесь наш народ не паднімецца. Пакуль народ не зразумее, што яму трэба. Надарма ён называе нас быдлам і вашывымі блохамі. Мы так імі і застанемся.
Удзельнікі гарадзенскага «Маршу абураных беларусаў» прайшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі па вуліцы Савецкай да будынку аблвыканкама. Пад час шэсця скандавалі: «Не Дэкрэту №3 — Лукашэнка ўхадзі!», «Хто галоўны дармаед — прэзідэнт!», «Жыве Беларусь!». Міліцыі ў форме не было відаць.
*****
14.26
Паведамляе наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
— Зараз я знаходжуся ў самым цэнтры, ля Палаца Тэкстыльшчыкаў, на Савецкай плошчы. Тут сабралася каля ста чалавек, але трэба прызнаць, што сярод іх таксама міліцыянты і журналісты, таму чалавек 60 дакладна пакуль што сабралася людзей, незадаволеных Дэкрэтам №3.
Тут сабраліся прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Грамадзянскай партыі, ёсць прадстаўнікі партыі БНФ і людзі, так бы мовіць з вуліцы. Я бачу, што таксама прыйшлі людзі з рэгіёнаў, з Ваўкавыска ў прыватнасці, і нават з Ліды. Калі мерапрыемства пачалося а 14-й гадзіне не падыходзілі да разгорнутых сцягоў, ля якіх стаяў Сяргей Верамеенка, але калі ён звярнуўся да людзей, што стаялі наводдаль, яны падышлі бліжэй і пачаўся невялічкі мітынг, дзе Сяргей Верамеенка распавядае, што трэба рабіць звычайнаму беларусу на выпадак атрымання такіх «лістоў шчасця». Людзі крычаць: «Жыве Беларусь», «За адстаўку Лукашэнкі!», «Ня бойцеся!».
Адно з меркаванняў, чаму людзей прыйшло так няшмат, паводле Сяргея Верамеенкі, гэта боязь.
Якуб Сушчынкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара