У Гародні на заводзе знайшлі міну
У Гародні на заводзе па ўтылізацыі і механічным сартаванні адходаў знайшлі міну. Яе прывезлі разам са смеццем з горада. На месца выклікалі сапёраў.
Як інфармуе БелТА са спасылкай на прэс-службу УУС Гарадзенскага аблвыканкама, здарэнне адбылося раніцай 4 траўня. Міну заўважылі работнікі прадпрыемства. Праваахоўнікі высвятляюць, якім чынам імаверны боепрыпас мог трапіць у смецце. Міна аказалася вучэбнай.
Адзначаецца, што за апошнія суткі гэта другая патэнцыйна небяспечная знаходка ў Гародні. Напярэдадні на будаўніцтве гасцініцы ў гістарычнай частцы горада знайшлі 122-мілеметровы снарад. Сапёры вывезлі яго на палігон і знішчылі. А ў Менску ў чацвер падчас земляных работ знайшлі сотні снарадаў.