У Гародні набіраюць жадаючых вывучаць польскую мову
У Гародні грамадскае аб’яднанне “Polskа Macierz Szkolnа” пачынае прыём заяваў ад жадаючых вывучаць польскую мову ў 2016-2017 навучальным годзе. Дакументы прымаюцца ў галоўнай сядзібе арганізацыі, якая месціцца па адрасе вуліца Гараднічанская, 40. Вывучаць польскую мову, а таксама гісторыю і культуру краіны маюць магчымасць не толькі дзеці школьнага ўзросту, але таксама моладзь і дарослыя.
Як зазначае старшыня грамадскага аб’яднання “Polskа Macierz Szkolnа” Станіслаў Сянкевіч, для вывучэння польскай мовы ў Гародні створаны добрыя ўмовы:
– Вырасла колькасць вучняў у нашым ліцэі. Вучацца дзеці ад 5 да 11 класа. Гэта вельмі шмат. Маем добрую бібліятэку, добра абсталяваныя лекцыйныя залі. Таксама добрае месцазнаходжанне школы – цэнтр горада. Колькасць вучняў, якая жадае вывучаць польскую мову, не змяншаецца.
Грамадскае аб’яднанне “Polskа Macierz Szkolnа” на працягу дваццаці гадоў займаецца прамоцыяй польскай мовы, гісторыі і культуры на тэрыторыі Беларусі. У арганізацыі працуюць высока кваліфікаваныя выкладчыкі, якім істотную дапамогу аказваюць кансультанты з Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня