У Гародні назіраецца значная актыўнасць выбаршчыкаў
Дзень асноўнага галасавання ў мясцовыя органы ўлады ў Гародні праходзіць пры значнай актыўнасці выбаршчыкаў.
Улічваючы, што парог яўкі на выбарах адменены, ужо на 14 гадзін большасць выбарчых участкаў прыняла ад 20 да 30% зарэгістраваных удзельнікаў галасавання.
Кажа прадстаўнік кампаніі „Права выбара” Сяргей Верамеенка, які назірае за працэсам у мікрараёне Альшанка:
– Сёння бачым, што людзі ідуць даволі такі жвава. Не ведаю якім чынам іх гналі, але думаю, што гэта хутчэй за ўсё праз запрашальныя паштоўкі, якія раскідвалі па скрыням. Таксама па сведчанням некаторых назіральнікаў, адна жанчына адкрыта прызналася, што яе мужу сказалі, каб прыйшоў прагаласаваў. Больш за тое, яна прыйшла з яго пашпартам, намагалася прагаласаваць, у яе гэта канешне не атрымалася, але факт ёсць факт.
Вялікую колькасць выбаршчыкаў заўважае і назіральнік ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” ў гарадзенскім мікрараёне Вішнявец Раман Юргель:
– Гэта паказчык таго, што людзі хоць і лаяць гэтую ўладу, але дысцыплінаваныя ў гэтым мікрараёне. Людзі бачаць пэўную стабільнасць, хоць ходзяць на працу за мізэрную плату, але ёсць стабільнасць, вайскоўцаў не пасылаюць ваяваць у Сірыю.
Як заўважае назіральнік з кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, датэрміновае галасаванне прайшло пад моцным ціскам на студэнтаў і рабочых з боку кіраўніцтва іх навучальных устаноў і прадпрыемстваў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня