У Гародні не дазволілі каталіцкія сустрэчы ў школах



Кіраўніцтва аддзела адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама не дазволіла правядзенне калядных сустрэчаў у школах горада, дзе існуе факультатыўнае вывучэнне польскай мовы. Святочнае ламанне аплаткам забаронена ў сувязі з тым, што ў такіх сустрэчах разам з дзецьмі традыцыйна ўдзельнічаюць супрацоўнікі генеральнага консульства Рэспублікі Польшча, каталіцкія святары і прадстаўнікі паланійных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Рашэнне прынята паводле загаду абласнога ўпраўлення камітэта дзяржаўнай бяспекі, супрацоўнікі якога ўбачылі ў калядных сустрэчах ідэалагічную небяспеку. Такія дзеянні, на думку старшыні Гарадзенскай гарадской арганізацыі непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Паўла Кмеціка, з’яўляюцца праявай распальвання міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці:

– Гэта нонсэнс. Ідзе падзел дзяцей. Нават і не ведаю, якімі поглядамі кіраваліся тыя, хто забараняў. Атрымліваецца, ёсць добрая вера, а ёсць кепская вера. А гэта ніколі не давядзе да добрай справы.

Гарадзенскія ўлады, пачынаючы з новага навучальнага года, істотна абмежавалі факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў агульнаадукацыйных школах горада. Акрамя таго, зачыненая адзіная польскамоўная група ў дзіцячым садку №83. Многія настаўнікі польскай мовы мелі размовы з супрацоўнікамі КДБ, якія пад пагрозамі спрабавалі змусіць педагогаў адмовіцца ад выкладання польскай мовы.

Беларускае Радыё Рацыя