У Гародні не хапае сродкаў на анкалагічны дыспансер
Адсутнасць фінансавых сродкаў не дазваляе пабудаваць анкалагічны дыспансер у Гародні, якая з’яўляецца адзіным абласным цэнтрам у краіне, дзе адсутнічае спецыялізаваная медычная ўстанова для лячэння ракавых захворванняў. Па папярэдніх разліках, на будаўніцтва неабходна 200 мільёнаў даляраў.
Улады такую суму выдаткаваць не ў стане, у сувязі з чым маюць намер прыцягнуць да будаўніцтва прыватны бізнес і заходніх партнёраў у межах транспамежнага супрацоўніцтва.
На думку гарадзенцаў, будаўніцтва яшчэ адной патрэбнай медычнай установы істотна падвысіць якасць медычнага абслугоўвання, якое на сённяшні дзень выклікае шмат пытанняў:
– Зойдзеш, урач з табой нават не размаўляе, ужо запаўняе картку пацыента таго, які быў да мяне, пару слоў: „А што, а як?”. Надаецца зусім мала часу на гэтага наведніка, на гэтага хворага, чым далей, тым горш – у шпіталь трапіць праблема.
Паводле статыстычных дадзеных, медыкі Гарадзеншчыны на працягу апошніх 10-ці гадоў знізілі штогадовую смяротнасць ад анкалагічных захворванняў на 3000 чалавек. Анкалогія ў структуры смяротнасці пасля хваробаў кровазвароту займае 2-е месца.
У выпадку, калі будаўніцтва анкалагічнага дыспансера зацягнецца, на думку медыкаў, смяротнасць ад раку перавысіць смяротнасць ад хваробаў сістэмы кровазвароту.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня