У Гародні не спыняецца рэпрэсіўны канвеер



У Гародні працягваецца рэпрэсіўны канвеер над пратэстоўцамі супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта 2020 года.

У трох працэсах фігуруюць гарадзенцы, якія сталі ахвярамі правакацыяў прыхільнікаў Лукашэнкі, АМАПу ці адвольна захопленага пасажыра таксі. Судовыя паседжанні праходзяць у судах Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Гародні. Гаворыць Раман Юргель – праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту:

– „Хуліганства” супраць 42-гадовага мужчыны Васіля Пільца. Сутнасць справы ў тым, што яшчэ ў кастрычніку ўзнік канфлікт, калі ў мікрараёне Альшанка нехта зафарбоўваў беларускі сцяг, які быў намаляваны на тратуары, шэрай фарбай. А наш абвінавачаны выгульваў сабаку з сынам, які перад гэтым выпэцкаў куртку ў фарбу. Убачыўшы, што нехта фарбуе, ён пайшоў да іх высветліць акалічнасці.

Стала вядома, што ў Гародні дзейнічае праўладная ініцыятыва, да якой належаць людзі, гатовыя змагацца з праявамі грамадскага непадпарадкавання ў форме зафарбоўкі беларускіх нацыянальных сцягоў на асфальце, на мурах. Зафарбоўвалі надпісы і нацыянальныя сімвалы яны за кошт падаткаплатнікаў, узяўшы фарбу ў мясцовых камунальнікаў. Пасля чаго паведамлялі ў міліцыю пра такія факты, а таксама пра вывешванне беларускіх сцягоў альбо рэчаў у бел-чырвона-белых колерах на балконах. Раман Юргель гаворыць:

– Справа ў тым, што такі рух, аказваецца, ёсць – “Антывандалы”, які  нідзе не зарэгістраваны, мае падтрымку ва ўпраўленні ідэалогіі аблвыканкаму, адміністрацыі і які, калі бачыць выявы бел-чырвона-белага сцягу, яго зафарбоўвае і паведамляе ў міліцыю пра такія выпадкі і хто ім робіць заўвагі.

Яшчэ адна адміністрацыйная справа ў Кастрычніцкім судзе Гародні тычылася менавіта актыўнай рэакцыі адной з актывістак „Антывандала” і „ІнфаАмону” – Вольгі Бондаравай. Яна ўбачыла ў вакне аднакласніцы фігурку гноміка, які трымаў беларускі сцяг. Цяпер уласнік гноміка адказвае ў судзе як адміністрацыйны парушальнік. Менавіта Бондарава выступае сведкай у гэтай адміністрацыйнай справе, але адначасова „пацярпелай” у іншай крымінальнай справе над мірнымі пратэстоўцамі.

Гэтыя „актывісты” з „Антывандала” і „ІнфаАмону”,  дзейнічаюць пад патранажам міліцыі і ўпраўлення ідэалогіі Гарадзенскага аблвыканкаму.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя