У Гародні не стала Ігара Жука
16 чэрвеня Ігар Жук адзначыў сваё 60-годдзе. Ён быў родам з Мядзельшчыны. Скончыў Белдзяржуніверсітэт і аспірантуру.
У 1998 годзевыйшла з друку яго кніга літаратурных эцюдаў “Сустрэчны рух”. А ў манаграфіі “Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання” распрацаваў арыгінальную канцэпцыю метрадынамікі празаічнага выказвання і ўпершыню ў гісторыі літаратуразнаўства апісаў механізм атрымання з дапамогай кампутарнай апрацоўкі тэксту метрычных аўтарскіх эталонаў, разгледзеў сістэму іх дынамічнага ўзаемадзеяння. Адлюстраваны ў іх г. зв. «рытмічны інстынкт» адкрывае новыя магчымасці для аналізу асаблівасцяў мастацкага стылю майстроў беларускае прозы — Янкі Брыля, Васіля Быкава, Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Кузьмы Чорнага.
У апошнія гады Ігар Жук меў праблемы з сэрцам.
Кажа яго калега па працы Янка Трацяк:
– Вельмі такі начытаны, вельмі такі глыбокі, вельмі эрудзіраваны, інтэлектуальны. Яго лекцыі было вельмі цікава слухаць, бо яны былі нейкія свежыя, яны не былі такія акадэмічныя, яны былі лекцыяй з жыцця.
Кажа літаратарка Ала Петрушкевіч:
– Гэта вялікі маральны аўтарытэт на былой кафедры беларускай літаратуры. Гэта адзіны прафесар, бо ў нас яшчэ не было дактароў філалагічных навук, прафесараў літаратуразнаўцаў менавіта айчыннай літаратуры. Гэта быў незвычайна таленавіты чалавек. Я кажу быў і не ўяўляю, што гэта ўжо ў мінулым часе. Ён не завяршыў таго, чым жыў, ён хацеў выдаць купалаўскі зборнік.
Ігар Жук быў вельмі таленавітым і шчырым чалавекам, яго вельмі любілі і паважалі ўсе гарадзенцы. У Ігара было шмат творчых планаў, якія ён яшчэ не паспеў рэалізаваць. Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў выказвае родным і блізкам, сябрам і землякам шчырае спачуванне ў сувязі са смерцю Ігара Жука.
Беларускае Радыё Рацыя