У Гародні па крымінальнай справе судзяць Мікіту Самарына
8 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні пачаўся разгляд крымінальнай справы Мікіты Самарына. Яго вінавацяць у парушэнні 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Пра гэта паведамляе сайт „Гарадзенская вясна”.
Разгляд справы вядзе суддзя Руслан Хіхол, ведамы сваімі шматлікімі карнымі пастановамі ў дачыненні грамадскіх аткывістаў па адміністрацыйных справах.
Мікіту Самарына затрымалі супрацоўнікі органаў 6 кастрычніка. Яго жорстка збівалі і здзекваліся, пры катаваннях хлопцу нажом адрэзалі доўгія валасы, а таксама пырскалі ў вочы газавым балончыкам. Пазней яго забрала хуткая – у Самарына былі шматлікія траўмы і апёкі вачэй. Мікіта Самарын быў узяты пад варту і зняволены ў следчым ізалятары на вуліцы Кірава.
15 кастрычніка МУС апублікаваў відэа: на ім Самарын расказвае, як адбіваў чалавека ў людзей у цывільным непадалёк будынку Кастрычніцкага РАУС Гародні. Самарын пырснуў пярцовым балончыкам у бок тых, хто гвалтоўна затрымліваў людзей, пазней ён хаваўся.
Мікіту Самарыну 29 гадоў. Працяглы час ён займаўся рамонтам старых аўтамабіляў, сябра клуба рэканструктараў рэтрааўтамабіляў „Вінтаж”. Не раз удзельнічаў у фотасэсіях (фота якраз такога характару) і гарадскіх фэстах.
http://harodniaspring.org/