У Гародні пачалася кампанія “Горад прыязны да сталых людзей”



Яе ініцыявалі заснавальнікі і актывісты “Універсітэту Залатога веку” у Міжнародны дзень сталых людзей. Такая гарадская праграма магла бы існаваць без бюджэтнай нагрузкі, з дапамогаю зацікаўленага гарадзенскага бізнэсу, які адчувае павагу да сталых людзей.

suscynski_kampanija

Кажа Вітаўт Руднік, адзін з стваральнікаў грамадскай праграмы для сталых людзей: “Універсітэт Залатога веку”.

– Першыя крокі, якія мы зробім, – мы прапануем абласным уладам правесці сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў уладаў, з удзелам прадстаўнікоў сацыяльных службаў, іншых структур зацікаўленых, на якой мы прадставім, як мы бачым канцэпцыю. Мы паслухаем, што пра гэта думаюць прадстаўнікі сацыяльных службаў, гарадскіх уладаў. У залежнасці ад таго, якія будуць вынікі гэтай сустрэчы, калі яна адбудзецца, будзем планаваць далейшыя дзеянні: як ідэю гэтай праграмы папулярызаваць у горадзе.

 Такая праграма можа далучыць Гародню да міжнароднай сеткі гарадоў, прыязных да сталых людзей. Прыкладам можа стаць стварэнне “Залатой карткі” для сталых людзей, ад наяўнасці якой, сталыя людзі маглі бы атрымліваць зніжкі на тавары і паслугі. Гэта, на думку ініцыятараў кампаніі, палепшыць якасць жыцця сталым людзям.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя