У Гародні пачалі судзіць чатырох чалавек за гвалт над міліцыянтамі
У судзе Ленінскага раёна Гародні 6 студзеня пачаўся працэс па крымінальнай справе аб гвалце над міліцыянерамі (суддзя Генадзь Мазайла).
На лаве падсудных чатыры чалавекі: Міхаіл Юдзін, Вадзім Хіжнякоў, Сяргей Яфімовіч (жыхары Гародні) і Андрэй Севяртока (Масты Гарадзенскай вобласці). Ім ад 33 да 49 гадоў.
Мужчын абвінавачваюць у тым, што 27 верасня, дзейнічаючы ў змове, яны ўчынілі гвалт у дачыненні да міліцыянераў. Вядомыя прозвішчы двух пацярпелых — Заяц (жанчына-міліцыянер) і Башко. Паводле матэрыялаў справы, Севяртока ля кінатэатра „Усход” ударыў Заяц кулаком па галаве і нагой па назе, Яфімовіч кінуў у яе невядомы прадмет. Затым Юдзін ударыў Башко па тулаве, руцэ і галаве, а Хіжнякоў кінуў у Башко невядомы прадмет. У Заяц сіняк на назе, у Башко — „фізічная боль і пакуты”.
Усіх чацвярых фігурантаў абвінавачваюць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да работніка міліцыі), Севяртоку — таксама паводле арт. 413 (уцёкі з-пад варты), бо ў дзень затрымання ён апынуўся ў бальніцы, адкуль збег. Пазней яго зноў затрымалі.
Пацярпелыя заявілі хадайніцтва пра тое, каб іх дапытвалі па-за полем зроку астатніх дзеля іх бяспекі. Суддзя хадайніцтва задаволіў.
Падсудныя віну не прызналі, акрамя Севяртокі, які прызнаў часткова гвалт у дачыненні да міліцыянераў.
На наступным пасяджэнні 11 студзеня дапытаюць абвінавачаных і пацярпелых.