У Гародні пачалі збор подпісаў за дэмантаж помніка Леніну



У Гародні пачалі збор подпісаў за дэмантаж помніка Леніну. Подпісы збіраюць  на партале Petitions.by.

У петыцыі гаворыцца, што помнік Леніну для ўсёй Беларусі і для Гародні ў тым ліку не мае ніякай гістарычнай і культурнай каштоўнасці. Аўтары петыцыі спасылаюцца на тое, што ва ўсіх суседніх краінах, акрамя Расеі, помнікі Леніну ўжо дэмантавалі.

Аўтары петыцыі лічаць, што ў гісторыі Гародні было дастаткова мясцовых герояў, помнікі якім павінны знаходзіцца на цэнтральнай плошчы, і дэмантаж дадзенага помніка і перайменаванне плошчы пазітыўна адаб’ецца на іміджы горада і надасць гарадскому асяроддзю больш арганічны выгляд.

Помнік Леніну ў Гародні быў усталяваны 4 лістапада 1987 года. Статуя мае вышыню 5 метраў і выканана з бронзы. Вышыня скульптуры разам з пастаментам – 11 метраў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота grodno.in