У Гародні пачаўся асноўны дзень галасавання (абнаўляецца)



Асноўны дзень галасавання пачаўся ў Гарадзенскай вобласці пры траціне прагаласаваўшых за перыяд датэрміновага галасавання. 656 выбарчых камісіяў абслугоўваюць выбарцаў Гарадзенскай вобласці ў асноўны дзень галасавання.

Назіральнікі ўжо паўдзельнічалі на працэдуры апячатвання і апламбавання ўчастковых скрыняў для галасавання. І таксама прыйшлі першыя выбарцы на ўчасткі.

Кажа з Гародні наш карэспандэнт Якуб Сушынскі:

– З улікам каронавіруснай інфекцыі значная частка выбарцаў Гародні прагаласавала датэрмінова, выехаўшы на лецішчы ў асноўны дзень галасавання. Як заўважаюць назіральнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, на некаторых участках палова выбарцаў ужо прагаласавала. Назіральнікі змагаюцца за права чалавека і грамадзяніна – за празрыстасць выбараў. На гэтую хвіліну, больш за дзвесце скаргаў зарэгістравана на тэрытарыяльных выбарчых камісіях Гародні. Асноўная прычына скаргаў – не пускаюць назіральнікаў на падлік галасоў і хаваюць колькасць выбаршчыкаў на ўчастках. 

Рэкорд у датэрміновы перыяд галасавання пабіў участак Гародні № 66, у будынку сярэдняй школы № 15, дзе з двух с паловай тысяч выбарцаў участку за дзень прагаласавала 355 чалавек. У Гарадзенскай вобласці зарэгістравана 751 084 выбарцаў.

Назіральнікі ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” не дапушчаны ў першай пяцёрцы для назірання ў участковыя камісіі. Ужо адпраўлены электронныя скаргі ў Цэнтрвыбаркам, а таксама, у папяровым выглядзе, у раённыя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёна пра нядопуск да назірання і парушэнне Выбарчага кодэксу краіны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя