У Гародні пачаўся новы сезон „Мовы нанова”
Новы сезон курсаў „Мова нанова. Гародня” пачаў працу. У старым месцы, на вуліцы Будзёнага 48А, сабралася некалькі дзясяткаў гарадзенцаў, сярод якіх як выдатнікі мінулых гадоў, так і тыя, што прыйшлі ўпершыню.
Адна з вядоўцаў курсаў Эмілія Гаўрус паведаміла нашаму радыё, чым будзе багаты новы сезон, а чаго стане менш.
– Нашы курсы – гэта нефармальнае навучанне, а разам з тым добрая магчымасць цікава правесці час, з карысцю. У нас ёсць граматыка, ёсць слоўнік, ёсць выступ госця – эксперта па тэме, як правіла, бо мы заўсёды выбіраем нейкую тэму. У гэтым сезоне будуць новыя цікавосткі, новыя фішкі. Магчыма, у гэтым сезоне будзе крыху менш музыкаў, чым гэта было звычайна раней. Вырашылі пачаць з вельмі цікавага і незвычайнага госця. Гэта Васіль Калач – больш вядомы гарадзенцам як Эрык Шалы. Запрашаем усіх да нас на курсы.
Галоўным госцем першых у сезоне заняткаў быў рэжысёр, аніматар і актор у тэатры Васіль Калач. Ён распавёў пра развіццё ролевага руху ў Гародні як яго стваральнік. Слухачы даведаліся, што ролевае гульні могуць станоўча ўплываць на асобу.
– Ролевы рух не прадугледжвае гледача. Гэта такая справа сама ў сабе. Гэта, па-першае, псіхалогія, мадэляванне нейкай жыццёвай сітуацыі і прайграванне гэтай сітуацыі ў вузкім коле. Ролевая гульня прадугледжвае мадэляванне менавіта нейкіх сітуацый, якія ў звычайным жыцці чалавек не перажывае.
Вядоўцы курсаў прапанавалі навучэнцам, якія не штодня гавораць па–беларуску, як бы на сябе прымерыць характар узгаданай галоўным госцем ролевай гульні. Курсанты маюць цяпер пераходны бранзалетак, які надзяваецца на руку курсанта як зарок таго, што ён цэлы тыдзень, да наступных заняткаў, будзе размаўляць выключна па-беларуску.
[Not a valid template]
Чарговыя заняткі курсаў „Мова нанова. Гародня” пройдуць у фармаце экскурсіі. Яна пройдзе вуліцамі дзяльніцы пад назвай Новы Свет. Экскурсія плануецца а 18-й гадзіне 25-га верасня ад супермаркета „Еўраопт”, што на вуліцы Ціміразева. Запрашаюцца ўсе.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота і відэа аўтара