У Гародні пачаўся новы сезон „Мовы нанова”



У Гародні адкрыўся новы сезон моўных курсаў „Мова нанова 2016”. На сустрэчу з курсантамі прыйшлі адразу ўсе выкладчыкі сёлетніх курсаў.

Першая сустрэча пачалася з правілаў напісання самай адметнай у беларускім алфавіце літары – “Ў”. Адзін з вядоўцаў курсаў Ігар Кузьмініч падзяліўся з нашым радыё, на што будуць арыентавацца моўныя курсы, бо палова з тых, хто прыйшоў на першыя заняткі, тут упершыню.

– Радасць. Радасць ад таго, што сабраліся і пачынаем новы сезон. Беларускасць ёсць ва ўсіх сферах жыцця, ва ўсім космасе. Паколькі космас невычэрпны, то і тэматыка беларуская невычэрпная. Будзем рабіць ухіл на новых і цікавых гасцей, якіх яшчэ не было на нашых занятках, а таксама будзем запрашаць гасцей, якіх вельмі палюбілі нашыя ўдзельнікі.

Адмысловым госцем курсаў быў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў, які выканаў некаторыя свае творы на словы класікаў беларускай літаратуры, а таксама распавёў прысутным пра свой шлях да беларускасці.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара