У Гародні пачаўся суд над наркагандлярамі



 У судзе Ленінскага раёна Гародні 9 студзеня пачалі судзіць трох жыхароў Пінска, якія абвінавачваюцца ў тым, што ўвозілі ў Беларусь какаін, мак, насвай. Паводле дадзеных абвінавачвання, група дзейнічала ў Пінску 10 гадоў.

Падсудных трое — Аляксей Сергяюк, Міхаіл Міховіч, Сяргей Жарманаў. Ім ад 32 да 36 гадоў. Адукацыя сярэдняя ці сярэдняя спецыяльная. Усе раней былі судзімыя за наркотыкі. Двое абвінавачаных жанатыя, у іх ёсць маленькія дзеці. Пад вартай усе трое знаходзяцца са студзеня мінулага года.

Справу разглядае суддзя Алена Пятрова. Дзяржабвінаваўца — Дзяніс Корда.

Ва ўсіх траіх падсудных не было афіцыйнага працаўладкавання на момант затрымання. Як сцвярджае следства, яны ўваходзілі ў арганізаваную злачынную групу, якая дзейнічала ў Пінску з 2009 года, пазней Сергяюк і Міховіч яе ўзначалілі.

Усе эпізоды дзейнасці абвінавачаных пракурор пералічваў каля гадзіны. Як было высветлена падчас следства, падсудныя пачыналі з распаўсюджвання ў Беларусі насвая, потым стварылі сетку па рэалізацыі насення маку з прымешкай макавай саломы. Тавар фасавалі на дробныя партыі і прадавалі.

За ўвесь час існавання групы ў яе ўваходзіла не менш за 8 чалавек. Большасць з іх ужо адбываюць пакаранне за збыт наркотыкаў. Як правіла, у групу набіралі маладых людзей з непаспяховых сем’яў, у якіх былі фінансавыя праблемы.

Сярод удзельнікаў выразна размяркоўвалі ролі: прадаўцы часцяком не ведалі фасоўшчыкаў, пастаўшчыкоў і арганізатараў. Рабілі захады канспірацыі: размаўлялі ў мессенджарах Telegram, Viber, Whatsapp. Аплата праводзілася па безнаяўным разліку. Наркотыкі перадавалі бескантактава, праз схованкі.

У 2018 годзе лідары групы пераарыентаваліся на аптовыя пастаўкі какаіну з Заходняй Еўропы ў Расею транзітам праз Беларусь. Пасля некалькіх здзелак Сергеюка і Міховіча затрымалі ў студзені мінулага года пры збыце больш як 700 грамаў какаіну ў Берасцейскай вобласці. Пазней затрымалі аднаго з актыўных удзельнікаў групы Жарманава.

Жерманов адказваў за арганізацыю схованак. У інтэрнэце меў зносіны пад уліковым запісам „Вася Пупкін”.

Таксама падчас расследавання справы праваахоўнікі высветлілі, што наркотыкі перавозілі „наркатаксі” — непасрэдна замоўцам па патрэбных адрасах.

Сергяюк і Міховіч абвінавачваюцца на падставе ч. 4 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, здзейснены арганізаванай групай у буйным памеры), Жарманаў — па ч. 3 і ч. 4 арт. 328 КК Беларусі. Ім пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Усе трое не адказалі, ці прызнаюць яны сваю віну. „Стаўленне да абвінавачвання выкажу пазней, пасля допыту сведак і азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы”, — паўтарылі яны завучаную фразу адзін за адным.

Абвінавачаныя выказаліся за тое, каб даваць паказанні ў канцы разгляду справы. Суд падтрымаў іх жаданне і вырашыў спачатку дапытаць сведак, вывучыць пісьмовыя матэрыялы, а потым дапытаць абвінавачаных.

У сувязі з гэтым суд абвясціў перапынак у разглядзе справы да 13 студзеня.

belapan.by