У Гародні судзяць жанчыну, якая ўкусіла супрацоўніцу АМАП



У судзе Ленінскага раёна Гародні 7 снежня пачаўся суд над мясцовай жыхаркай Марынай Палікарпавай, якую абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да жанчын-міліцыянераў.

Справу разглядае суддзя Руслан Гурын. Пацярпелыя — жанчыны-міліцыянеры Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч.

55-гадовая Палікарпава працуе правізарам у аптэцы. Яе затрымалі 9 жніўня ў цэнтры горада за ўдзел у мітынгу, асудзілі на трое сутак. Падчас жорсткага затрымання яна ўкусіла адну з жанчын-міліцыянераў, другую — ударыла.

Згодна з дзяржабвінавачаннем, Палікарпава позна ўвечары 9 жніўня прымала ўдзел у мітынгу ў цэнтры горада, за што яе і затрымалі. Яна ўкусіла Бандарчук за руку і ўдарыла Мазуркевіч, зрабіла гэта наўмысна, каб перашкодзіць іх законнай дзейнасці.

Палікарпава віну не прызнала. Яна патлумачыла, што канфлікт у міліцэйскай машыне адбыўся з-за таго, што жанчыны-міліцыянеры яе абразілі. Яны прадставіліся ёй Машай і Насцяй Лукашэнка, надзелі кайданкі і збілі. Бандарчук прымяніла да Палікарпавай задушлівы прыём, і тая ўкусіла яе за руку ў мэтах абароны. „Я рэальна спалохалася за сваё жыццё”, — патлумачыла абвінавачваная.

Пасля суда жанчыне спатрэбілася медыцынская дапамога — у яе было галавакружэнне і млоснасць. Палікарпавай выклікалі хуткую і адвезлі ў бальніцу, дзе правялі абследаванне.

belapan.by

Фота svaboda.org