У Гародні пачаўся суд па справе аб дзедаўшчыне ў вучылішчы алімпійскага рэзерву



Разгляд справы аб дзедаўшчыне ў Гарадзенскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву пачаўся 5 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні. Справу разглядае суддзя Таццяна Гергель.

На лаве падсудных тры былыя выхаванцы вучылішча — Артур Тубялевіч, Ян Халупа і Дзям’ян Варановіч, якім 19—20 гадоў. Іх абвінавачваюць у злосным хуліганстве і крадзяжы (ч. 2, 3 арт. 339, ч. 1 арт. 206 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Усе трое былі выключаны з вучылішча. Маладыя людзі цяпер нідзе не вучацца і не працуюць. Да суда іх не затрымлівалі.

Пацярпелымі прызнаныя 16 падлеткаў 14—16 гадоў. У судзе з імі знаходзяцца бацькі або асобы, якiя iх замяняюць. Падчас усяго працэсу ў зале прысутнічае псіхолаг.

Згодна з дзяржаўным абвінавачваннем, якое зачытаў пракурор, здзекі над падлеткамі працягваліся больш за год — з верасня 2017 да лістапада 2018-га.

Старэйшыя выхаванцы вучылішча збівалі малодшых. Білі ў грудзі кулаком, часам у баксёрскай пальчатцы, нагой у спартыўным абутку па ягадзіцах. Некаторым абвінавачваныя рабілі надрэзы нажом у раёне пляча і лапаткі. У некаторых выпадках абвінавачваныя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Здзекі звычайна адбываліся ў пакоі інтэрната, дзе жылі выхаванцы, у прысутнасці іншых навучэнцаў, пасля адбою.

Згодна з абвінавачаннем, нагодай для гвалту не раз станавілася праверка паспяховасці па вучэбных дысцыплінах. Прычын для здзекаў магло і не быць.

Варановіча таксама абвінавачваюць у тым, што ён адкрыта выкраў прадукты аднаго з падлеткаў на суму не меншую за 45 рублёў. Пракурор падрабязна пералічыла склад крадзенага: каўбаса, катлеты, смажаная курыца, піца, печыва, кексы, цукеркі, памідоры, агуркі і г.д.

Тубялевіч і Халупа сваю віну поўнасцю адмаўляюць, Варановіч прызнаў толькі адзін з эпізодаў гвалту.

Па рашэнні суда спачатку будуць дапытаныя пацярпелыя і сведкі, а затым — абвінавачваныя, бо яны не прызнаюць сваю віну.

Як паведамляе tut.by,   факты дзедаўшчыны ў навучальнай установе выявілі супрацоўнікі пракуратуры, калі правяралі спартыўныя ўстановы вобласці. Высветлілася, што ў Гарадзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву часта перспектыўныя маладыя спарцмены забіралі дакументы праз вельмі кароткі тэрмін пасля паступлення. Выявілася, што рабілі яны гэта з-за дзедаўшчыны ў вучылішча. Навучэнцы старэйшых курсаў прымушалі малодшых праць чужыя шкарпэткі, а таксама праводзілі абрад прысвячэння – навабранца павінны былі некалькі разоў моцна ўдарыць па ягадзіцах.

Па факце дзедаўшчыны была пачатая крымінальная справа. Супрацоўнікі пракуратуры высветлілі, што ўсё адбывалася з ведама тагачаснага дырэктара. З кіраўніком вучылішча не працягнулі кантракт.

belapan.by

Фота tut.by