У Гародні пачаўся суд па справе аб выбуху на Скідальскім цукровым заводзе
У судзе Гарадзенскага раёна 11 лютага пачаўся суд па справе аб выбуху на Скідальскім цукровым заводзе. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Грышын.
Падчас начной змены 25 лютага 2017 года ў галерэі побач з цэхам упакоўкі і фасоўкі прадпрыемства адбылася ўспышка пылапаветранай сумесі. Былі дэфармаваны сцены цэха, пашкоджаны вокны і дзвярныя праёмы.
У выніку пяць жанчын атрымалі цяжкія траўмы, у тым ліку апёкі больш за 50% паверхні цела. Трох з іх даставілі ў Менск у апёкавы цэнтр, дзвюх пакінулі на лячэнне ў гарадзенскай бальніцы.
Усе пацярпелыя былі ўведзены ў штучную кому. Чацвёра з яе так і не выйшлі. Таццяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант памерлі менш чым праз месяц пасля здарэння. Пятая ахвяра трагедыі, Марына Урбановіч, выжыла, але засталася інвалідам.
Родныя загінулых жанчын і Марына Урбановіч прызнаныя пацярпелымі па справе.
На лаве падсудных трое работнікаў Скідальскага цукровага камбіната: начальнік цэха гатовай прадукцыі Уладзімір Малашэвіч, яго намеснік Сяргей Грушэўскі і галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Губарэвіч. Ніхто з іх віну не прызнаў.
Абвінавачваныя па справе знаходзіліся пад вартай чатыры-пяць месяцаў, а затым іх адпусцілі. Малашэвіч выйшаў на пенсію, астатнія двое працягваюць працаваць на заводзе. Справа ў дачыненні да іх распачатая па арт. 428 Крымінальнага кодэкса Беларусі (службовая халатнасць).
Фігурантам пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.
belapan.by