У Гародні пачаўся збор грошай на джып і лекі медыкам у АТО



Гарадзенскія актывісты пачалі збор грошай на ўседарожнік медыкам, якія працуюць у зоне АТО. Ініцыятарам па Беларусі кампаніі “Беларусь-АТО” з’яўляецца Андрэй Стрыжак, які некалькі дзён таму перадаў рэанімабіль у падарунак украінскім вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. А гарадзенскім ініцыятарам стаў Дзяніс Івашын, удзельнік падзеяў на Майдане ў Кіеве, які займаўся зборам сродкаў на помнік Міхасю Жызнеўскаму. Як будзе ажыццяўляцца сбор сродкаў Дзяніс распавёў Беларускаму Радыё Рацыя:

– Праца будзе адбывацца па трох накірунках. Першы накірунак – гэта збор сродкаў на адмысловы аўтатранспарт, які будзе прызначаны медычным падраздзяленням. Другі накірунак – гэта збор сродкаў дзеля дапамогі сем’ям перасяленцаў з зоны правядзення АТО. Гэта будзе наўпроставая дапамога гэтым сем’ям. І трэці накірунак – гэта збор сродкаў на медыкаменты, на медычнае абсталяванне для шпіталёў у прыфрантавой зоне.

Па словах Дзяніса, пасля падзеяў на Майдане ўсе рэчы, што звязаныя з Украінай, сталі для яго часткай жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя