У Гародні пачне працу Школа сучаснай журналістыкі



У кастрычніку ў Гародні распачынае працу Школа сучаснай журналістыкі, дзе кожны жыхар Гародні зможа навучыцца пісаць навіны, браць інтэрв’ю, рабіць рэпартажы, а яшчэ: навучыцца фатаграфаваць, здымаць відэа, рабіць інфаграфіку.

Навучэнцам гэтай школы, арганізаванай Цэнтрам дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцыяў» зможа стаць любы гарадзенец ад 16-гадовага узросту.

Пра школу распавядае яе каардынатар, Варвара Злобіна:

— Мы лічым, што цяпер журналістамі павінны станавіцца не толькі маладыя людзі, але і людзі з досведам, якія жывуць у нашым горадзе і працавалі на заводзе, ці на рынку. Цяпер яны могуць паспрабаваць для сябе новую прафесію. Адметнасць нашай школы ў тым, што па-першае, любы чалавек, нават без досведу, можа стаць прафесійным журналістам, а па-другое, нашы заняткі будуць весці людзі якія сапраўды працуюць журналістамі, маюць публікацыі і ведаюць, што такое журналістыка, на практыцы. Заданні будуць вельмі практычныя.

Сярод выкладчыкаў школы Вітаўт Руднік, Аляксандр Саенка і Андрэй Фралоў, — людзі якія маюць вялізарны досвед працы з журналістамі, пішуць тэксты, альбо здымаюць фота ці відэа.

Больш падрабязную інфармацыю пра школу і пра тое, як стаць яе навучэнцам, можна знайсці на старонцы школы ў інтэрнэце.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня