Мікалая Аўтуховіча на судзе змясцілі ў асобную “клетку-стакан”, а пасля выдалілі з залы суда (абноўлена)



Сёння, 18 траўня, пачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11-цю фігурантамі яго справы.

Працэс праходзіць у памяшканні для суда ў турме №1 Гародні.  Справу разглядае суддзя Максім Філатаў, – паведамляе “Вясна”. На судовы працэс пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. Іншых родных у залу судовых пасяджэнняў не пусцілі. Галоўнага фігуранта справы Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, 6 з іх — асабліва цяжкія злачынствы, адзін прадугледжвае найвышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі) ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Аўтуховіч нібыта стварыў банду і “рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне”.

Падсудныя знаходзяцца ў некалькіх клетках, для дваіх зрабілі асобныя металічныя клеткі, у тым ліку для Мікалая Аўтуховіча і Любові Разановіч, якія паводле следства, нібыта з’яўляюцца “асабліва небяспечнымі”.

Мікалай Аўтуховіч заявіў суддзі адвод. Ён запатрабаваў замены Максіма Філатава, аднак заявіў, што будзе заяўляць адвод і любому іншаму суддзі, якога прызначаць замест яго. Пасля нарады Філатаў адмовіў у адводзе, бо для гэтага «няма падстаў». Уладзімір Гундар паступіў аналагічна, але суддзя адмовіў і яму. Пасля перапынку ў судзе, прапагандыстка Людміла Гладкая ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што Гундара выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку» да заканчэння разгляду справы.

Палітзняволены Антон Мельхер адмовіўся ад адваката і заявіў, што будзе абараняць сябе сам, піша Гладкая. Таксама паведамляецца, што яго абвінавачваюць толькі па адным артыкуле — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх).

Падчас суда Мікалай Аўтуховіч заявіў хадайніцтва аб змене меры стрымання для Любові Рэзановіч. Суд адхіліў хадайніцтва. Прапагандысты паведамляюць, што Аўтуховіча пасля двух заўваг суда выдалілі з залы пасяджэння да заканчэння працэсу.

Таксама суддзя зрабіў перапынак, каб лекары агледзелі Любоў — яна скардзіцца на боль у скронях.

***

У следчым ізалятары турмы №1 Гародні праходзіць гучны судовы працэс.

Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некаторых фігурантаў трымаюць у асобных клетках-стаканах.

Стала вядома, што на судовы працэс «групы Аўтуховіча» пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. Іншых родных у залу судовых паседжанняў не пусцілі.

Судзяць Мікалая Аўтуховіча і яшчэ 11 чалавек. Прадпрымальніка, ветэрана-„афганца” будуць судзіць за „здраду дзяржаве”, „стварэнне злачыннай арганізацыі”, „акт тэрарызму”, „замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” і па іншых артыкулах КК.

Па справе таксама праходзяць Ірына Гарачкіна, Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава, Ірына Мельхер, Антон Мельхер, Сяргей Разановіч, Любоў Разановіч, Павел Разановіч, Павел Сава і Віктар Снягур. Як пішуць праваабаронцы, усіх іх, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць па больш чым 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Суддзём будзе Максім Філатаў, які ў пачатку 2021-га прысудзіў пяць гадоў калоніі палітвязню Вітольду Ашурку, які пазней памёр пры нявысветленых абставінах.

Аўтуховіча затрымалі ў канцы 2020-га. Па версіі следства, ён быў арганізатарам і кіраўніком „тэрарыстычнай групоўкі”, якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў, стварала схованкі са зброяй. Аўтуховіч і іншыя фігуранты справы не маюць статусу палітвязняў. Такі статус атрымаў толькі Уладзімір Гундар, які ў траўні 2021-га быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму за „гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі” (так кваліфікавалі яго дзеянні падчас затрымання).