У Гародні пачынаецца набор у школу фотарэпарцёра
У Гародні пачынаецца набор у школу для тых, хто хоча навучыцца прафесійна карыстацца фотакамерай. Гэта будзе школа фотарэпарцёра пры нядаўна адкрытай „Студыі карысных кампетэнцый”, якая прапануе атрымаць дадатковую адукацыю.
Выкладчыкам стане гарадзенскі фатограф Аляксандр Саенка:
– Гэта школа фотарэпарцёраў, якая плануе навучаць маладзёнаў, якія імкнуцца да ведаў у сферы фотажурналістыкі, якія плануюць далей працаваць у СМІ, здымаць людзей на вуліцы і г.д. Ніякага абмежавання для людзей няма – то бок могуць прыходзіць як людзі старэйшага ўзросту, так і моладзь, якая толькі скончыла школу.
Аляксандр Саенка вядзе заняткі па фотажурналістыцы ўжо не першы год. Ён вядомы тым, што выкладае для людзей рознага ўзросту, як для навучэнцаў гарадзенскага „Універсітэта Залатога веку”, так і для навучэнцаў гарадзенскай „Школы Маладога журналіста”, дзе навучаецца моладзь Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня