У Гародні падалі заяўку на пікет у абарону кіраўніцтва РЭП
„Спыніць пераслед незалежных прафсаюзаў у Беларусі!” „Спыніць крымінальную справу супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка!” Пад такімі лозунгамі па ўсёй краіне пройдуць пікеты салідарнасці прафсаюза РЭП з 30 траўня па 1 чэрвеня.
Гарадзенскія актывісты РЭП таксама падалі заўку на правядзеннне акцыі 1 чэрвеня ў Каложскім парку.
Пра заяўку распавядае актывіст прафсаюза РЭП Ігар Банцар:
— У межах рэспубліканскай акцыі па падтрымцы незалежнага прафсаюза РЭП у Гародні падалі заяўку на мерапрыемства, якое мае адбыцца 1 чэрвеня ў Каложскім парку. Тэма мерапрыемства: падтрымка нашых кіраўнікоў РЭПа, супраць якіх незаконна пачатыя крымінальныя справы. Мы хочам проста падтрымаць іх і гэта будзе адбывацца па ўсёй краіне, ва ўсіх гарадах, дзе існуюць нармальныя ячэйкі незалежнага прафсаюза.
Гарадзенскія актывісты РЭП чакаюць адказу ад уладаў горада, таксама вядома, што на сёння пададзены заяўкі на правядзенне акцый пратэсту ў Менску – у трох месцах, Гомелі, Калінкавічах, Светлагорску, Рэчыцы, Ветцы, Брэсце, Баранавічах, Магілёве, Бабруйску, Круглым, Слоніме і Наваполацку.
Беларускае радыё Рацыя, Гародня