У Гародні падлетка судзяць за забойства пяцігадовага брата



29 сакавіка ў Гарадзенскім абласным судзе пачаўся працэс па справе 17-гадовага падлетка, якога абвінавачваюць у забойстве пяцігадовага зводнага брата і замаху на забойства маці.

Згодна з версіяй следства, 19 жніўня 2015 года юнак падчас сваркі з маці некалькі разоў ударыў яе кулаком у твар, а затым пачаў біць слясарным малатком. Пасля гэтага задушыў пяцігадовага брата, які хацеў патэлефанаваць бабулі, каб паведаміць пра здарэнне. Затым старэйшы брат разліў у пакоі некалькі бутэлек гарэлкі, адкрыў канфоркі з газам, падпаліў кватэру і пакінуў памяшканне.

Некаторы час зламыснік хаваўся ад праваахоўнікаў, але неўзабаве быў затрыманы.

Яму выстаўленае абвінавачанне ў наўмысным забойстве заведама малалетняга і замаху на забойства двух асоб, у тым ліку заведама малалетняга, а таксама ў наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам. Сваю віну падлетак прызнаў цалкам.

Да затрымання юнак вучыўся ў мясцовым каледжы. Да крымінальнай адказнасці раней не прыцягваўся. Знаходзіўся на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх за распіванне спіртных напояў, дробны крадзеж.

Працэс вядзе суддзя Аляксей Цвяткоў. Абвінавачванне прадстаўляе намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Святлана Рахман. Паколькі абвінавачаны не дасягнуў паўналецця, у зале суда прысутнічаюць яго законныя прадстаўнікі. Пацярпелай па справе праходзіць маці падсуднага, якой медыкі выратавалі жыццё.

belapan.by