У Гародні памёр Яўген Петрашэвіч



11 сакавіка раніцай, на 87 годзе жыцця, памёр вядомы гарадзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч. Нягледзячы на свае сталыя гады, спадар Яўген увесь час займаўся творчай дзейнасцю, пісаў новыя мелодыя і вершы, услаўляў Прынёманскі край. Пра выбітнага гарадзенца ўзгадвае старшыня абласной суполкі Таварыства беларускай мовы – Алесь Крой:

Гэта быў незвычайны чалавек, такая асоба, якая з павагай ставілася да беларускай мовы, культуры, традыцый. Тыя ж „Дударыкі” знакамітыя, якія ён стварыў і вазіў у розныя краіны – гэта таксама яго заслуга. Можа я не ведаю ўсіх яго рэчаў, якія ён рабіў у галіне культуры, але важна, што ён гэта вельмі любіў і яно ішло ад душы ў яго.

Яўген Петрашэвіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1930 году ў вёсцы Падбараны Мастоўскага раёну. Скончыў пачатковую школу ў мястэчку Луна. З 1939 гожу жыў і працаваў ў Гародні з перапынкам на навучанне ў Менску і службу ў войску(1949-55) .

Яўген Петрашэвіч быў стваральнікам легендарнага фальклорнага гурта “Гарадзенскія дударыкі” – удзельніка шматлікіх міжнародных фестываляў як ў Беларусі, так і ў многіх краінах Еўропы. З’яўляўся выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь і настаўнікам такіх вядомых музыкантаў, як Леанід Захлеўны і Віктар Войцік, сябраваў з Антонам Валынчыкам.

Развітанне з кампазітарам пройдзе ў аўторак у доме развітанняў на праспекце Касманаўтаў з 10:00 да 13:20. Адпяванне пройдзе ў Каложскай (Барыса і Глеба) царкве а 14:00. Пахаванне пройдзе на гарадзенскіх могілках „Сакрэт”.

Беларускае Радаё Рацыя