У Гародні – ПанЕўрапейскія дні назіранняў за птушкамі



30 верасня – 1 кастрычніка ў Гародні адбываюцца ПанЕўрапейскія дні назіранняў за птушкамі, якія ладзіць абласное аддзяленне аб’яднання „Ахова птушак Бацькаўшчыны”. У гарадскі парк Жылібера,  каб паназіраць за птушкамі, прыйшлі дзясяткі гарадзенцаў з дзеткамі і праз розныя аптычныя прыстасаванні ўбачылі птушак, што жывуць побач з намі.

Пра меапрыемства распавядае арнітолаг, рэдактар сайту “Птушкі Штодня”  Зміцер Вінчэўскі:

– Ёсць магчымасць паглядзець, хто жыве побач з намі. Хто мігрыруе праз нас. Даведацца пра птушыныя праблемы. Таму што, на жаль, праблемы ёсць не толькі ў людзей, але і ў птушак. Праблем, насамрэч, шмат. Людзі думаюць, што птушкам патрэбная ад іх ежа, нейкая ўвага. Насамрэч, дзікія птушкі далучаюцца да нас не таму, што мы жывем у горадзе, а таму што тут менш драпежнікаў, больш даступная дзікая ежа, а не тыя рэшткі, што мы ім кідаем. Я думаю, што мы зможам не толькі паказаць, але і данесці, што птушкі могуць жыць без нас і, напэўна, больш пасьпяхова, чым з намі.

У другі дзень, 1 кастрычніка,  адбудзецца палявая экскурсія на рэчку Нёман і бліжэйшыя да вёскі Свіслач вадасховішчы у Гарадзенскім раёне, дзе можна будзе назіраць за міграцыяй вераб’іных птушак, а таксама вялікай колькасцю розных качак .

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня