У Гародні пашыраецца безбар’ернае асяроддзе
Новы кавалак вуліцы Курчатава ў Гародні адпавядае ўсім нормам безбар’ернага асяроддзя. Пешаходныя пераходы на адкрытай вуліцы абсталяваныя нулявымі бардзюрамі, якія зручна пераадольваць раварыстам і людзям на вазках. Кажа старшыня асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Фешчанка: – З 1-га студзеня гэтага года ўжо ўнесеныя папраўкі ў нарматывы будаўніцтва тых жа дарог, будынкаў, а таксама падчас рэканструкцыі. Новая дарога, вуліца Курчатава, пешаходныя пераходы, дзе ўсталяваны ўзровень пешаходнага перахода. Па цяперашніх нормах не павінна быць нейкіх там бардзюраў, яны павінна быць аднаго ўзроўню з праезднай часткай – гэта ўведзена з 1-га студзеня гэтага года. Заканадаўства Беларусі ўсё больш набліжаецца да сучаснага разумення безбар’ернага асяроддзя, але выкананне гэтых патрабаванняў гарадскімі ўладамі застаецца неахайным і па-савецку нерацыянальным. Новыя нарматывы абавязваюць забудоўшчыкаў і рамонтнікаў, але нават у адрамантаваных адміністрацыйных будынках у Гародні, чалавеку з інваліднасцю на вазку перасоўвацца практычна немагчыма. Беларускае Радыё Рацыя, Гародня